У першы дзень свята амаль кожную гадзіну тут распачынаецца чарговая святая Імша, каб тыя, хто толькі прыйшоў у Будслаў, маглі падзякаваць Пану за магчымасць маліцца ў гэтым святым месцы і прыняць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Тут жа можна паяднацца з Богам і Касцёлам у сакрамэнце пакаяння: у святыні і нават проста пад адкрытым небам з паслугаю святой споведзі чакаюць дзесяткі святароў. Нават калі да канфесіяналаў стаяць чэргі, кожнаму верніку будзе прысвечана столькі часу, колькі неабходна для яго духоўнае карысці.
Пілігрымаў, большасць з якіх — маладыя людзі, без цяжкасці адрозніш у стракатым натоўпе ўдзельнікаў урачыстасці па загарэлых тварах і радасным бляску ў вачах. Цэлы дзень па ўсім Будславе чуваць спевы, вясёлы гоман і смех. Тыя, хто прыйшоў раней, размяшчаюцца на начлег і выходзяць сустракаць новыя групы пілігрымаў. Але большасць з іх так і не лягуць спаць у гэтую ноч. Апоўначы каля святыні, дзе ўзвышаецца прыгожа аздоблены алтар, грандыёзнаю працэсіяй распачнецца ўрачыстая святая Імша. Шматтысячная грамада вернікаў з запаленымі свечкамі ў руках як вогненная стужка ўецца вакол парка перад святыняю. Гэтае велічнае і незабыўнае шэсце — своеасаблівая кульмінацыя пілігрымак і ўсёй урачыстасці. Пасля ўдзелу ў такой Імшы становіцца зразумелым, адкуль у стомленых доўгім шляхам пілігрымаў з’яўляюцца сілы для ўдзелу ў шматгадзінным начным чуванні.
Чуванне і малітвы працягваюцца аж да пачатку галоўнай святой Імшы ўрачыстасці, якую звычайна канцэлебруюць біскупы і некалькі дзесяткаў святароў з усёй Беларусі і з-за мяжы. Гэтаю Імшою і ўрачыстай працэсіяй завяршаецца цудоўны фэст, каб праз год ізноў вярнуцца ў Будслаў пад поўныя радасці спевы пілігрымаў.
Больш падрабязна пра гісторыю будслаўскай святыні і цудоўнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі можна даведацца на сайце нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе.
Паводле матэрыялаў Catholic.by