Амбона ўвенчаная надзвычай прыгожым балдахінам, ажурная разьба якога складаецца з разнастайных дэкаратыўных элементаў: лістоў аканта, расцвіўшых бутонаў кветак, стужак вянкоў, херувімаў, валютаў. На вяршыні стаіць арханёл Міхал з мечам і вагамі правасуддзя ў руках.
Відавочна, што манументальна-дэкаратыўны ансамбль пінскага касцёла, распрацаваны як адзіны комплекс, не быў завершаны. Аўтар манаграфіі пра польскіх францішканаў К. Кантак выказаў думку, што ў Пінску разьбу выканаў майстар Ян Шмыт, які працаваў у кляштарах літоўскай правінцыі францішканаў, у прыватнасці, у Гальшанах, і памёр у 1731 г. Смерць майстра магла спыніць працу над пінскай разьбою. Аднак згаданыя шэсць алтароў існавалі ўжо ў 1723 г., г.зн. за 8 гадоў да смерці Шмыта.