Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, адным з найбольш вядомых з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць 20 чалавек, якія штодзённа моляцца Ружанец: кожная асоба разважае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «ружамі».
Святы Ян Павел ІІ пісаў: «Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца».
Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён не толькі складаецца з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але і пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога.
Каб далучыцца да руху або даведацца болей інфармацыі звяртайцеся да адказнай за супольнасць - пані Валянціна (+375 29 193 33 08)
Выкарыстаны матэрыялы з catholic.by