Рух «Маці ў малітве» распаўсюджаны ва ўсім свеце. Яго дэвіз — «Аб’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Мэта руху — усведамленне кожнай маці свайго мацярынскага паклікання праз малітву, бязмежны давер да Бога і даручэнне дзіцяці Яго абароне.
Маці перш за ўсё павінна быць удзячная Богу Створцы за дар мацярынства. У гэтым сваім пакліканні і заданні маці не застаецца адна, бо яна — толькі часовы апякун душы свайго дзіцяці. Усе маці павінны ўсвядоміць, што Езус любіць іх дзяцей нават больш, чым яны самі, што Ён жадае абараніць іх і хоча, каб яны ўзрасталі ў Ім.
Молячыся за сваё дзіця, маці імкнецца зразумець, чаго хоча для яе дзіцяці Бог, і моліцца аб здзяйсненні Божай, а не сваёй, уласнай, волі адносна дзіцяці.
Многія жанчыны працягваюць хвалявацца за сваіх дарослых дзяцей і ўсё яшчэ адчуваюць сваю адказнасць за іх паводзіны. Аднак адзіная адказнасць маці за яе дарослае дзіця заключаецца ў тым, каб быць з ім тады, калі яна яму неабходная, каб любіць яго, даваць яму парады і маліцца за яго. Трэба ўзгадаць словы псальма: «Ускладзі клопат свой на Пана, і Ён цябе падтрымае» (Пс 55 [54], 23), — даверыцца Богу і сказаць Яму: «Мы нічога не можам зрабіць; толькі Ты, Пане, усё можаш».
Пан Бог просіць нас быць добрымі, любячымі, Ён вучыць бачыць Яго ў кожным чалавеку. Калі маці сапраўды бачыць Езуса ў сваім дзіцяці, то, што б з ім ні здарылася, яна заўсёды будзе ставіцца да яго з любоўю і павагай. Дзіцяці, якое трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, тым больш патрэбныя павага і любоў, а таксама ўпэўненасць, што маці заўсёды на ягоным баку. Таму абавязак усіх маці — прасіць аб дабрыні і любові да сваіх дзяцей.