Катэдральны касцёл
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Катэдральны касцёл
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ І ПАЯДНАННЯ (споведзь)

САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ І ПАЯДНАННЯ (споведзь)

САКРАМЭНТ ПАКАЯННЯ І ПАЯДНАННЯ
«Тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне знявагі, учыненай Богу, і адначасова прымірэнне з Касцёлам, якому грахом нанеслі рану і які любоўю, прыкладам і малітвай спрыяе іх навяртанню» (LG 11).

Усе людзі, у тым ліку і хрысціяне, грашаць і маюць з-за гэтага пачуццё віны, бо нават пасля святога хросту чалавеку цяжка засцерагчыся ад маральнага зла: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (1 Ян 1, 8).

Грэх – гэта не толькі свядомае і добраахвотнае парушэнне Божай запаведзі альбо касцёльнага наказу; гэта не толькі канфлікт з сумленнем. Грэх – гэта адыход ад Бога, парушэнне годных узаемаадносін паміж чалавекам і Богам, чалавекам і супольнасцю Касцёла. Гэта асабістая абраза бясконцай велічы Бога і Яго Айцоўскага Сэрца.

Як перамагчы зло, калі яно нас апанавала? Як вярнуць страчаную сувязь з Богам і Касцёлам? Вось жа Езус Хрыстус – «ахвяра ўміласціўлення за нашыя грахі» (1 Ян 2, 2) – прабачае нам правіны ва ўстаноўленным Ім самім сакрамэнце пакаяння. «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, там будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца», – сказаў Езус Апосталам і іх наступнікам (Ян 20, 22-23).

З волі Хрыста словы адпушчэння грахоў прамаўляе ў канфесіянале святар: менавіта там адбываецца сустрэча грэшнага чалавека з Хрыстом, які прабачае і які жыве ў Касцёле. Для адпушчэння грахоў і паяднання з Богам і Касёлам у сакрамэнце пакаяння патрэбны пяць умоваў (рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь і выкананне прызначанай пакуты). Аднак найважнейшыя і асноўныя ўмовы атрымання гэтай ласкі – гэта вера і любоў да Хрыста ў спалучэнні са шкадаваннем за грахі і пастанаўленнем навяртання да Бога.

Каб атрымаць прабачэнне, трэба ўспомніць усе свае цяжкія (смяротныя) грахі і прызнацца ў іх. Але пажадана дзеля працы над сабою ўспомніць і вызнаць таксама звычайныя (штодзённыя) грахі і свае заганы.
Малітва да Духа Святога і Святых
Прыйдзі, Духу Святы, асяці мой розум, каб убачыў я грахі свае; абудзі волю і сэрца маё, каб я шчыра за грахі гэтыя шкадаваў і адважна ў іх прызнаўся. дай мне сілу сапраўды з іх выправіцца. Святая Марыя, Маці Божая, прытулак грэшнікаў, заступіся за мяне.

Малітва да Езуса Хрыста
Прымі споведзь маю, найлітасцівейшы і найласкавейшы Пане Езу Хрыстэ, адзіная надзея на збаўленне душы маёй. Дай мне, прашу, скруху сэрца і слёзы раскаяння, как удзень і ўночы аплкваў я ўсу занядбанне мае з пакораю і чысцінёю сэрца. Пане, Божа мой, прымі малітвы мае. Збаўца свету, добры Езу, які аддаў сябе на смерць крыжовую, каб збавіць грэшнікаў, зірні на мяне, няшчаснага грэшніка, што кліча імя Тваё, і не зважай на зло маё. А калі я дапусціў тое, за што асудзіць мяне можаш, Ты не забывай таго, за што збаўляеш.
Пашкадуй жа мяне, о Збаўца мой, і змілуйся над грэшнаю душою маёю. Вызвалі яе ад путаў і загаі раны.
Спашлі, найлітасцівейшы Пане, праз заслугі Беззаганнай заўсёды Панны Марыі, Маці Тваёй, і святых Тваіх святло і праўду ў душу маю, каб асвяцілі яны ўсу недахопы мае, з якіх трэба мне спавядацца, і схілялі мяне шчыра і са скрухаю сэрца ў іх пакаяцца. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.
Рахунак сумлення
Напачатку падзякуй Богу за атрыманыя ад Яго ласкі і даброты (назаві ласкі), а затым з дапамогаю пададзеных ніжэй пытанняў узгадай (ад апошняй сапраўднай споведзі) свае грахі, якімі абразіў Бога і Яго любоў.

Уступныя пытанні Чытаць далей >
  1. Калі апошні раз быў у споведзі?
  2. Ці выканаў прызначаную на апошняй споведзі пакуту?
  3. Ці не ўтаіў на апошняй або ранейшай споведзі цяжкага граху? Калі ўтаіў, то апошняя твая споведзь была несапраўднай, ты павінен паўтарыць яе.
  4. Ці не забыўся на апошняй споведзі сказаць пра які-небудзь грэх? Калі забыўся, то споведзь была сапраўднай, але на гэтай споведзі мусіш вызнаць забыты грэх.
  5. Ці выканаў пастановы, дадзеныя табе спаведніком на апошняй споведзі (напр., вяртанне ўкрадзенай рэчы, прымірэнне з тым, з кім пасварыўся, пазбаўленне ад злосці і варожасці, уніканне добраахвотнага граху, грэшнага знаёмства, сяброўства)?
I. «He май іншых багоў, апроч Мяне». «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь» (Мц. 22, 37).
Падрабязней >
Адносна веры:
  1. Як выглядае тваё штодзённае жыццё, якая твая вера, можа, абмінаеш Бога і зусім не лічышся з Яго запаведзямі ў сваіх поглядах, паводзінах, пастановах?
  2. Можа, належыш да найгоршых з людзей — баязліўцаў, якія нібы і лічацца вернікамі, але баяцца ў гэтым прызнацца?
  3. Ці не адмаўляў ты словам або ўчынкам Божага існавання і ці не здраджваў Богу дзеля кар’еры ці каб здабыць чыюсьці прыхільнасць?
  4. Што рабіў для таго, каб лепш пазнаць Бога і паглыбіць сваю веру, якія твае занядбанні ў гэтым?
  5. Якія чытаеш кнігі і часопісы?
  6. Ці пазбягаеш дрэнных кніг?
  7. Ці штосьці рабіў для таго, каб пазбыцца нейкіх сумненняў наконт веры (праз размовы з кампетэнтнымі людзьмі, праз чытанне адпаведнай літаратуры і г.д.)?
  8. Ці не супрацьстаяў пакліканню, сваму ці іншага чалавека да выключнага служэння Богу?
  9. Можа, твая вера такая слабая, што нават саромеешся зрабіць знак крыжа, памаліцца, пайсці на святую Імшу?
  10. Ці не была твая малітва толькі бяздумным вымаўленнем слоў без належнай увагі, адпаведнай паставы і пашаны?
  11. Можа лічыў, што нейкі прадмет (талісман) або дзеянне прынясуць шчасце, а да Бога па належную дапамогу не звяртаўся?
  12. Ці верыў гараскопам, варажбе, забабонам, магіі?
  13. Ці не абмяжоўваў сваю малітву толькі просьбамі, пазбягаючы малітваў падзякі і ўшанавання?
  14. Ці заўсёды і ўсюды належным чынам бараніў сваю каталіцкую веру?

Адносна надзеі:
  1. Якая твая надзея?
  2. Ці не прывязваўся празмерна да людзей, рэчаў, працы, клопатаў, забываючыся пра справы збаўлення?
  3. Ці дзякаваў Пану Богу за поспехі, прыемнасці, радасці?
  4. Як сябе паводзіш, калі штосьці не атрымліваецца, калі даводзіцца цярпець?
  5. Ці думаеш пра сустрэчу з Панам Богам у хвіліну смерці?

Адносна любові:
  1. Ці цікавішся жыццём Касцёла?
  2. Ці адчуваеш сябе яго членам?
  3. Ці адчуваеш сябе адказным за яго святасць?
  4. Ці годнае тваё жыццё як вучня Езуса Хрыста?
  5. Ці прымаеш удзел у парафіяльных рэкалекцыях?
  6. Ці памятаеш пра матэрыяльныя патрэбы Касцёла?
  7. Як ставішся да запаведзяў Божых, да сакрамэнтаў, да рэлігійных абавязкаў?

Першая запаведзь паказвае, што найвышэйшаю мэтаю, найвышэйшым дабром для верніка з’яўляецца Бог. Мы далучаемся да Бога праз веру і любоў. Гэта – адзіныя дарогі збаўлення, Гэтыя каштоўнасці надаюць сэнс жыццю, з’яўляюцца крыніцаю сілы і радасці. Той, хто не беражэ веры, не паглыбляе яе і прызнае штосьці вышэйшым і важнейшым за Бога, наклікае на сябе найбольшае няшчасце – пазбаўленне вечнай радасці ад прабывання з Богам у Небе. «Веру, памажы майму бязвер’ю» (Мк 9, 24).
II. «He ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна».
Падрабязней >
  1. Ці з належнаю пашанаю вымаўляў імя Бога і святых? Ці не былі звароты да Бога і святых пустымі ўскліканнямі?
  2. Ці не ўчыніў клятвапарушэння, г. зн. ці не кляўся непраўдзіва?
  3. Можа, не стрымаў абяцання, дадзенага Пану Богу?
  4. Ці не саромеўся насіць на сабе сімвалы веры (крыжык, медальён)?
  5. Ці ўшаноўваў Найсвяцейшы Сакрамэнт у касцёле (прыкленчваючы) або праходзячы паўз касцёл ці сустракаючы ксяндза, што ідзе з Дарамі Божымі да хворага?
  6. Ці шанаваў дома і паза ім крыжы, фігуры, абразы?
  7. Ці не бунтаваўся, а можа, нават чыніў блюзнерства, калі Бог «не выслухоўваў» тваіх просьбаў, перакрэсліваў твае памкненні і задумы?
  8. Ці чыніў хаця б знак крыжа перад ядой, падарожжам, у небяспецы?
Ты павінен быць паслядоўны: калі прызнаеш Бога Валадаром сусвету, калі верыш, что Ён цябе стварыў, што Бог бясконцы і ўсемагутны, то імя Ягонае павінна быць для цябе святым.
III. «Памятай дзень святы святкаваць».
Падрабязней >
  1. Ці не прапускаў у нядзелю і святы з малаважных прычынаў святой Імшы?
  2. Ці замест святой Імшы не губляў час на неабавязковыя заняткі і прыемнасці (доўгі сон, адведкі сяброў, прагляд фільмаў)?
  3. Ці, выбіраючыся ў нядзелю або ў свята ў падарожжа, памятаў таксама пра абавязак удзельнічаць у святой Імшы?
  4. Ці не спазняўся на святую Імшу?
  5. Ці належным чынам удзельнічаў у святой Імшы, адказваючы, спяваючы, стараючыся лепш зразумець сутнасць і значэнне па асобных яе частак?
  6. Ці працаваў у нядзелю і святы без важнай патрэбы?
  7. Ці прысвячаеш іншы час, апроч святой Імшы ў будні, нядзелю і святы, каб знайсці бліжэйшы кантакт з Богам (асабістая малітва, чытанне рэлігійнай літаратуры і г. д.)?
  8. Ці не адзначаеш хутчэй па-паганску, чым па-хрысціянску штогадовыя найважнейшыя святы, асабліва Божае Нараджэнне і Вялікдзень?
Нядзеля і святы – нэта Божыя дні. Яны служаць для адпачнку і паглыблення еднасці з Богам. Удзел у святой Імшы – гэта мінімум таго, што хрысціянін павінен у нядзелі і ў святы ўчыніць дзеля Бога. Калі без сур’ёзнай прычыны не выканаеш гэтага абавязку, учыніш цяжкі (смяротны) грэх.

Па-за святой Імшой у гэтыя дні трэба больш памятаць пра свайго Стварыцеля і Збаўцу. У нэтыя дні належыць таксама знайсці час для чытання рэлігійнай літаратуры і добрых учынкаў (навдванне хворых, адзінокіх, напісанне адкалдзенных некалі лістоў і г.д.). Мы не маем права змяняць Божую волю і марнаваць гэтыя святыя дні, прысвячаючы іх выключна клопату пра матэрыяльныя патрэбы.
IV. «Шануй бацьку свайго і маці сваю».
Падрабязней >
Пытанні да дзяцей
  1. Ці імкнешся праз малітву і разважанне паглыбіць у сабе любоў, пашану і павагу да бацькоў?
  2. Ці імкнешся зразумець іх духоўны стан і матэрыяльнае становішча?
  3. Ці не лічыш, што бацькі не разумеюць цябе, а сам нічога не робіш, каб зразумець бацькоў?
  4. Ці не папракаеш іх грубым словам за пралікі, а сам не выконваеш сваіх абавязкаў?
  5. Ці стрымліваеш слова? Ці гаворыш, куды ідзеш?
  6. Ці вяртаешся ў дамоўлены час дадому?
  7. Ці не пакідаеш пасля сябе смецце і непарадак, змушаючы гэтым маці, бацьку ці брата або сястру абслугоўваць цябе?
  8. Ці дапамагаеш бацькам (асабліва маці) у працы і захаванні парадку дома (прыбіранне, дапамога на кухні, па гаспадарцы)?
  9. Ці не прыносіш бацькам боль жорсткімі, грубымі словамі або бязлітаснымі ўчынкамі?
  10. Ці не вымагаеш у бацькоў грошай, не ўлічваючы матэрыяльнае становішча сям’і?
  11. Ці не ашукваеш іх?
  12. Ці не крыўдзіш і не прыніжаеш брата або сястру?
  13. Ці праяўляеш паслужлівасць і павагу да іншых родных і сваякоў (бабулі, дзядулі, цёткі…)?
  14. Ці пацвярджаеш пашану і любоў да ўсіх родных сваёй паслужлівасцю, дапамогай, павагай і ветлівасцю?

Пытанні да бацькоў
З Божае волі галоўная мэта сужэнства – даць жыццё дзецям і выхаваць іх.

  1. Ці не абмяжоўвалі вы колькасці дзяцей з-за эгаізму, маладушнасці і звычкі выгод? Ці не шукалі толькі пачуццёвай асалоды? Ці не ўжывалі штучных сродкаў для прадухілення зараджэння новага жыцця? Ці пазнаёміліся з натуральнымі метадамі распазнавання плоднасці, каб карыстацца імі, калі вашы магчымасці, здароўе, даходы не дазваляюць мець шматдзетную сям’ю? Ведаем, што самым галоўным выхаваўчым крытэрыем з’яўляецца сямейны клімат, у якім жывуць і гадуюцца дзеці. Найважнейшыя псіхалагічныя даследванні выразна паказалі важны ўплыў першых гадоў і асяроддзя на фармаванне характару дзіцяці.
  2. Ці сапраўды хрысціянскаю з’яўляецца сямейная атмасфера, якую вы стварылі дома? Ці ўсе ў вашым доме жывуць паводле веры? Ці, можа, пераважае ў ім практычны матэрыялізм? Ці пануе ў доме клімат самаахвярнасці, ці няма рэлігійнай абыякавасці? Ці з’яўляюцца вашы заўвагі наконт сямейных або грамадскіх падзеяў заўвагамі людзей, якія вераць? Ці ведаюць дзеці, што вы выконваеце рэлігійныя абавязкі? Ці разумееце вы самі і ці стараецеся, каб вашы дзеці зразумелі, што маральныя законы з’яўляюцца не запаведзямі суровага і патрабавальнага Бога, а ўяўляюць сабою запаведзі Айца, які любіць нас і заклікае, каб мы сталі лепшымі, рупліва служачы людзям, нашым братам? Ці выхоўваеце дзяцей, па- даючы ім добры прыклад? Ці навучаеце іх рэлігіі і ці пасылаеце на заняткі па рэлігії? Ці выхоўваеце ў сваіх дзецях звычку да парадку і працы? Ці не належыце да тых бацькоў, якія ўсё робяць за дзяцей?
  3. Ці маеце кантакт з кожным з вашых дзяцей і ці не вылучаеце сярод іх лепшых і горшых? Ці намагаецеся заслужыць іхні давер? Ці аднолькавыя для вас, бацькоў і дзяцей, загады і забароны? Ці не крытыкуеце вы пры дзецях уладу (касцёльную, школьную, дзяржаўную), падрываючы гэткім чынам не толькі яе аўтарытэт, але найперш ваш уласны, бацькоўскі?
  4. Ці шчыра адказваеце падрослым дзецям на пытанні, звязаныя з іх нараджэннем? Ці ствараеце пры гэтым здаровую атмасферу, гаворачы пра нараджэнне, як пра нешта добрае і нармальнае (што жанчыны бываюць у благаславёным стане, нараджаюць, кормяць дзяцей; што мужы кахаюць іх і праяўляюць сваё каханне і апеку)?
  5. Ці, можа, наадварот, не здолелі даць належнага адказу або, яшчэ горш, дапускалі непрыстойныя анекдоты, якія зневажаюць чалавечую годнасць? Вядома, нельга забывацца пра тактоўнасць, разважнасць і паслядоўнасць, каб не разгубіцца ў гэтай далікатнай сітуацыі.
  6. Як стараецеся выправіць заўважаныя ў дзяцей заганы? Можа, хутчэй звяртаецеся да сродкаў пакарання, чым да настаўлення, павучання добрым словам?
  7. Ці стасуюцца вашы патрабаванні з магчымасцямі дзяцей? Можа, вы занадта суровыя або паблажлівыя?
V. «He забівай».
Падрабязней >
  1. Ці не стаў вінаватым (свядома і добраахвотна) у чыёйсьці смерці?
  2. Ці не выказваў думкі, што пэўных людзей можна забіваць?
  3. Ці не знішчыў ненароджанае дзіця?
  4. Ці не падтрымліваў думку, што «зачатае дзіця — эмбрыён, а не чалавек», і ці не ўхваляў яго знішчэнне?
  5. Ці не спрычыніўся да забойства ненароджанага дзіцяці намоваю, парадаю або матэрыяльнай дапамогай?
  6. Ці не карысталася спіраллю, гарманальнымі супрацьзачаткавымі таблеткамі? Ці ведаеш, што гэтыя сродкі могуць забіць зачатага ў табе чалавека? Ці не раіў камусьці ісці на аборт? Калі гэтая асоба зрабіла так, тады гэта лічыцца і тваім забойствам чалавека.
  7. Ці не рызыкаваў сваім жыццём без патрэбы (плаваў у недазволеных месцах і ўмовах, пераболынваў хуткасць, едучы на машыне і г. д.)?
  8. Ці не дапускаў думак пра самагубства?
  9. Ці не рызыкаваў здароўем, нерэгулярна харчуючыся, злоўжываючы алкаголем, цыгарэтамі, кавай, намагаючыся схуднець любым коштам, праводзячы частыя і доўгія начныя забавы? Ці не ўжываў наркотыкаў?
  10. Ці не паслабляў свайго здароўя празмернаю разумоваю і фізічнаю працаю?
  11. Ці не адкладваў візіт да лекара ў сур’ёзных выпадках? Ці прыслухоўваўся да ягоных парадаў?
Жыццё нае з’яўляецца не нашаю уласнасцю, а Божаю. Ніхто з людзей не мае права адбіраць у сябе ці ў іншых жыццё (апрача неабходнае абароны). Той, хто забівае жыццё або пагражае яму, бярэ на сябе смяротны грэх.
VI і IX. «He чужалож», «He пажадай жонкі бліжняга твайго».
Падрабязней >
Пытанні да моладзі
  1. Ці не казаў, што «каханню ўсё дазволена», нават да шлюбу?
  2. Ці не лічыў, што перад «гэтым» нельга ўстаяць?
  3. Ці не ўзбуджаў сябе чытаннем амаральнай літаратуры, нясціплымі здымкамі ці праглядам амаральных фільмаў, забавай, какецтвам, жэстамі, думкамі?
  4. Ці не рабіў сваёй каханай грэшных прапановаў, пагражаючы пакінуць яе ў выпадку адмовы?
  5. Ці не правакавала хлопца, как змусіць яго ўзяць замуж?
  6. Ці не выкарыстоўваў наіўнасці або чалавечай слабасці?
  7. Ці не рабіў грэшных, выкліканых самотай, учынкаў?
  8. Ці не высмейваў чысціні, цнатлівасці, сціпласці, апавядаючы непрыгожыя гісторыі?
  9. Ці не чужаложыў?
  10. Ці не ўжываў вульгарных, зняважлівых слоў і выразаў?
  11. Ці не зводзіў іншых (асабліва маладзейшых) прыкладам, заахвочваннем або «навучаннем»?
  12. Ці не дазваляў насуперак хрысціянскай этыцы ўжыванне кантрацэптыўных сродкаў?
  13. Ці не дапамагаў знішчаць ненароджаных дзяцей?
  14. Ці сам не дайшоў да такога ўчынку?
  15. Ці не браў маральнага ўдзелу ў забойстве, прапанаваўшы, намовіўшы, запалохаўшы або нават аказаўшы матэрыяльную дапамогу?

Пытанні да сужэнцаў
  1. Ці лічыўся ў сужэнскім жыцці з псіхічным і фізічным станам жонкі (мужа)?
  2. Ці стараўся, будучы ў шлюбе, узнёсла і высакародна разумець каханне, ці не зводзіў яго да фізічнай блізкасці?
  3. Ці не супярэчыць вашая фізічная блізкасць Божаму праву і сумленню?
  4. Ці не карыстаўся кантрацэптыўнымі сродкамі?
  5. Ці ўмееш узяць на сябе адказнасць за зачацце дзіцяці, паслядоўна перасцерагацца, стрымліваючы сябе ў адпаведныя перыяды (пры выкарыстанні натуральных метадаў распазнавання плоднасці)?
  6. Ці не маеш, будучы ў шлюбе, пазашлюбных кантактаў?
«Бо воля Божая – гэта вашае асвячэнне, каб вы асцерагаліся распусты» (1 Тыс 4, 3).
«Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго» (Эф 5, 25-26).
VII і X. «He крадзі», «He пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму».
Падрабязней >
  1. Ці не забраў нешта чужое: з прыватнай або грамадскай маёмасці (прадметаў, грошай)?
  2. Ці належным чынам рабіў разлікі з давераных табе прыватных і грамадскіх грошай?
  3. Ці не падманваў пры куплі-продажы?
  4. Ці не прысвойваў знойдзеныя рэчы, не шукаючы іх уладальніка?
  5. Ці своечасова вяртаў пазычаныя рэчы і грошы?
  6. Ці не псаваў чужыя рэчы або грамадскае абсталяванне?
  7. Ці не прысвойваў чужую працу і чужыя заслугі?
  8. Ці не быў сквапным і зайздросным у матэрыяльных справах?
  9. Ці працаваў належным чынам і ці добра заканчваў распачатую працу?
  10. Ці не прычыняўся да клопату і шкоды іншым, спазняючыся на працу, павольна выконваючы яе?
  11. Ці, займаючы высокую пасаду, ацэньваў справядліва працу падначаленых, ці рыхтаваў як след справаздачы?
  12. Ці не выкарыстоўваў сваю ўладу для асабістай выгады?
  13. Ці не прымушаў чакаць сябе, забіраючы чужы час?
Тваю маёмасць складаюць тыя даброты, якія ты здабыў сумленнаю працаю, законна набыў або атрымаў ад іншых (уладальнікаў, бацькоў). Самавольнае прысвойванне чужой маёмасці, плёну чужой працы, знішчэнне прыватнай і грамадскай маёмасці – правіны супраць Божых і чалавечых правоў.
VIII. «He сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго».
Падрабязней >
  1. Ці не ўводзіў каго-небудзь у зман, прыносячы матэрыяльную або маральную шкоду?
  2. Ці не сведчыў фалыпыва, ці не даваў ілжывых сведчанняў у судзе ці якой іншай установе?
  3. Ці не прыпісваў бліжнім учынкаў, зробленых не імі, ці не нагаворваў?
  4. Ці не ашукваў? Ці не падманваў, баючыся кары або непрыемнасцяў?
  5. Ці не займаўся самахвальствам?
  6. Ці не прыхарошваў няпраўдаю сваіх справаздачаў і аповедаў?
  7. Ці не прытрымліваўся меркавання «ўладных асобаў» у ацэнках фактаў і людзей, хоць і бачыў, што гэтае меркаванне несправядлівае?
  8. Ці не быў ліслівым і крывадушным?
  9. Ці не фальсіфікаваў навукі, ці не выдаваў фальш за праўду?
Мова чалавека – адзін з найважнейшых дароў Пана Бога – павінна быць прыладаю праўды і дабра, бо нішто так не псуе характару, як жыццё ў мане, крывадушнасці і фальшы.
Найважнейшая і першая запаведзь
Падрабязней >
«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім» (Мц 22, 37).

  1. Ці намагаўся ўмацаваць у сабе сапраўдную любоў да Бога, лепей спазнаваць Яго, паважаць, лічыцца з Ягонаю воляю, рупіцца пра Ягоную славу і быць гатовым да цярпенняў, пакуты і ахвяры дзеля Ягонага імя?
  2. Ці шукаў магчымасці паглыбіць веды пра Бога, слухаючы казанні, чытаючы адпаведныя кнігі і рэлігійную прэсу, беручы ўдзел у катэхезе?
  3. Ці не вёў жыцця без Бога, а нават і супраць Бога, а пасля пры няўдачах ці не наракаў: «За што Бог карае мяне?»
  4. Ці не маліўся бяздумна, не разважаючы над патрэбай «жывога» кантакту з Богам, асабліва ў важныя і небяспечныя хвіліны свайго жыцця?
  5. Ці думаў аб патрэбе паглыбіць у с абе любоў да Пана Бога, шчыра молячыся, спавядаючыся (споведзь павінна быць прадуманай і падрыхтаванай)?
Другая частка гэтай запаведзі
Падрабязней >
«Любі бліжняга твайго, як самога сябе» (Мц 22, 39).

  1. Ці стараўся любіць кожнага чалавека, нават непрыемнага і ворага, шануючы ягоную чалавечую годнасць, клапоцячыся пра ягонае дабро, будучы гатовым на пасвячэнне і ахвяру з тае прычыны, што яго любіць Бог?
  2. Ці не меў у сэрцы гневу, нянавісці, абыякавасці?
  3. Ці дараваў тым, хто вінаваты перад табою, хто зрабіў табе прыкрасць або пакрыўдзіў цябе?
  4. Ці не насіў у сабе пачуцця помсты?
  5. Ці першым шукаў магчымасці памірыцца пасля канфлікту?
  6. Ці не імкнуўся мэтанакіравана выклікаць разлад і сутыкненні паміж людзьмі?
  7. Ці не сеяў адмоўных поглядаў, падазронасці іабыякавасці?
  8. Ці не прыніжаў людзей зняважлівымі мянушкамі і азначэннямі?
  9. Ці не надакучваў сваімі заўвагамі, рэплікамі і жартамі?
  10. Ці быў ветлівым і паслужлівым, ці цікавіўся людскімі патрэбамі, ці ахвяраваў свой час, каб прыйсці з духоваю і матэрыяльнаю дапамогаю?
  11. Ці не быў легкадумным пад уплывам уражанняў, пачуцця, намовы або заахвочвання недасведчаных людзей?
  12. Ці працаваў над сваім характарам, ці не лічыў гэта малаважным заняткам?
Галоўныя грахі
Падрабязней >
  1. Ці не ўзвышаўся над іншымі, адасабляючыся ад іх, пагарджаючы імі або прыніжаючы іх?
  2. Ці не ганарыўся перад іншымі сваімі здольнасцямі, прыгажосцю, заможнасцю, адзеннем?
  3. Ці не асуджаў бязлітасна людзей, падкрэсліваючы сваю мудрасць і вышэйшасць?
  4. Ці цэніш ты цноты, якія Пан Езус ставіць сярод найвышэйшых маральных каштоўнасцяў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29)?
  5. Ці не быў прагны да грошай, рэчаў?
  6. Ці не кідаўся хціва на ежу, не зважаючы на бліжніх?
  7. Ці маліўся перад пасілкам або ці рабіў прынамсі знак крыжа?
  8. Ці не еў зашмат, кіруючыся апетытам, а на разважлівасцю?
  9. Ці не злоўжываў алкаголем, ці не прымаў наркотыкаў?
  10. Ці не зайздросціў?
  11. Ці не шкодзіў ад зайздрасці аутарытэту іншага чалавека, ці не рабіў крыўды?
  12. Ці не паддаваўся ляноце?
  13. Ці не працягваў адпачынку або іншых праемнасцяў за кошт працы і абавязковых заняткаў?
  14. Ці не працаваў занадта павольна?
  15. Ці, атрымліваючы грошы за працу, задумваўся над тым, ці заслужыў ты іх?
  16. Ці дзякаваў Богу і людзям за дабро і ласку?
Парадак сакрамэнту споведзі
Падрабязней >
  1. Перш, чым прыступіць да споведзі, старанна падрыхтуйся да яе. Гэтаму дапамагае рахунак сумлення. Узгадай грахі, якімі ты абразіў Бога, бліжніх і самога сябе. Важна памаліцца аб добрай споведзі, напрыклад, да Духа Святога. Таксама неабходна памаліцца за святара, які будзе слухаць споведзь.
  2. Пасла належнай падрыхтоўкі (зрабіўшы рахунак сумлення, абудзіўшы жаль за грахі і прыняўшы моцнае рашэнне выправіцца) стань на калені перад канфесіяналам і прывітай святара словамі: «Пахвалёны Езус Хрыстус». Святар адкажа «На вякі вечныя. Амэн».
  3. Зрабі знак крыжа, кажучы: «У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн».
  4. Скажы святару, колькі табе гадоў і хто ты паводле стану: жанаты ці не, замужам ці не, свецкая ці духоўная асоба.
  5. Узгадай калі была твая апошняя сапраўдная споведзь і ці выканаў(-ла) ты прызначаную пакуту. Можаш зрабіць гэта наступным чынам: «Апошні раз у споведзі быў(-ла) (назваць калі), ніводнага граху не ўтаіў(-ла), прызначаную пакуту выканаў(-ла). Абразіў(-ла) Пана Бога наступнымі грахамі (назваць грахі)». Шчыра, пакорна і коратка вызнай усе свае грахі, якія былі здзейсненыя на працягу часу, што мінуў ад апошняй сапраўднай споведзі.

Або:
«Прыступаю першы раз да споведзі…»

Варта памятаць, што на споведзі мы распавядаем толькі пра ўласныя недасканаласці. Трэба пазбягаць агульных фраз, як напрыклад: «Грэшны словам, учынкам і занядбаннем». Грэх павінен быць названы канкрэтна. Аднак памятай, што споведзь – гэта не звычайная размова са святаром. Расказаць яму пра свае жыццёвыя прыгоды, пра свае погляды на свет і г.д. можна ў іншы час і ў іншым месцы.

  • Закончы вызнанне грахоў такім чынам: «Больш грахоў не памятаю, за ўсе грахі шчыра раскайваюся, пастанаўляю выправіцца.
  • Прашу аб настаўленні, прызначэнні пакуты і адпушчэнні грахоў».
  • Уважліва выслухай настаўленні святара і прымі прызначаную пакуту.
  • Калі святар будзе ўдзяляць адпушчэнне грахоў, схілі галаву і б’ючы сябе ў грудзі, кажы пакорна: «Божа, змілуйся нада мною, грэшным».
  • Пасля адпушчэння грахоў, калі святар прамовіць: «… і я адпускаю табе грахі ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога», адкажы «Амэн» і зрабі знак крыжа. Па знаку святара можаш адысці ад канфесіянала, выказаўшы перад гэтым падзяку словамі: «Дзякую Пану Богу».
  • Пасля споведзі ў сваёй малітве падзякуй Богу за Яго міласэрнасць і не забудзь аб выкананні прызначанай сакрамэнтальнай пакуты.
Пасля не забудзь пра акт жалю, малітву пакаяння, малітву пасля споведзі і выпраўленне крыўды, і працу над сабою.